:

Гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва

Гандлёва-эканамічныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Арменія маюць даўнюю гісторыю. Знакамітыя слуцкія паясы, расшытыя золатам і шоўкам набылі сваю вядомасць у XVIII стагоддзі, у тым ліку дзякуючы майстэрству армянскіх майстроў.

Новы этап развіцця ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Арменія, якія атрымалі сваю незалежнасць у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, пачаўся з ўстанаўлення дыпламатычных адносін у чэрвені 1993 года.

Сёння гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі характарызуюцца дынамічным развіццём.

Таваразварот Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Арменія
у 2015-2021 гадах
млн. долараў ЗША

За 2021 год узаемны таваразварот Беларусі і Арменіі склаў 97,2 млн. долараў ЗША (118,1 % да 2020 года), экспарт Беларусі ў Арменію – 68,3 млн. долараў (118,8 %), імпарт з Арменіі – 28,9 млн. долараў (116,5 %). Знешнегандлёвае сальда склалася станоўчым для Беларусі ў памеры 39,4 млн. долараў.

Экспарт у 2021 годзе ажыццяўляўся па 415 таварным пазіцыям (у 2020 годзе – па 389 пазіцыям). За кошт новых 75 пазіцый экcпарт вырас на 1,2 млн. долараў.

У наменклатуры экспарту з Беларусі ў Арменію ў 2021 годзе пераважалі пастаўкі малака і вяршкоў згушчаных і сухіх (13,0 млн. долараў), мэблі іншай і яе частак (3,1 млн. долараў), лекавых сродкаў (2,3 млн. долараў), трансфарматараў электрычных (2,3 млн. долараў), вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі (1,9 млн. долараў), правадоў ізаляваных, кабеляў (1,7 млн. долараў), пліт драўняна-валакнiстых (1,6 млн. долараў), паперы і кардона немелаваных іншых (1,4 млн. долараў), пруткоў і профіляў алюмініевых (1,3 млн. долараў), масла сметанковага (1,2 млн. долараў).

У наменклатуры імпарту Беларусі з Арменіі пераважалі моцныя алкагольныя напоі (17,7 млн. долараў), медныя адходы і лом (1,8 млн. долараў), свінец неапрацаваны (0,8 млн. долараў), прадметы гігіены (0,7 млн. долараў), цацкі і галаваломкі (0,5 млн. долараў).

У 2021 годзе прыкметна выраслі пастаўкі малака і вяршкоў згушчаных і сухіх (13,0 млн. долараў, 103,3 % да ўзроўню 2020 года), мэблі іншай і яе частак (3,1 млн. долараў, 156,9 %), трансфарматараў электрычных (2,3 млн. долараў, у 43,4 раза), вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі (1,9 млн. долараў, у 8,1 разы), пліт драўняна-валакнiстых (1,6 млн. долараў, 166,5 %), паперы і кардона немелаваных іншых (1,4 млн. долараў, у 2,9 разы), пруткоў і профіляў алюмініевых (1,3 млн. долараў, у 5 разоў).

Гандаль паслугамі Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Арменія
у 2015-2021 гадах
млн. долараў ЗША

У 2021 годзе аб'ём знешняга гандлю паслугамі склаў 15,7 млн. долараў, што на 25,1 % менш, чым у 2020 годзе. Экспарт паслуг склаў 13,2 млн. долараў (зніжэнне на 27,1 %), імпарт – 2,5 млн. долараў (зніжэнне на 12,3 %).

Асноўным артыкулам беларускага экспарту паслуг з'яўляюцца транспартныя паслугі — 10,3 млн. долараў. Імпарт паслуг з Арменіі ў Беларусь таксама заснаваны на транспартных паслугах — 1,2 млн. долараў.

У Арменіі сфарміравана тавараправодная сетка больш 80 беларускіх прадпрыемстваў. Функцыянуюць чатыры прадпрыемствы з удзелам беларускага капіталу: ТАА «Армяна-Беларускі гандлёвы дом «Ар-Бе», ЗАТ «Гандлёвы дом «БелАр», ТАА «БелАЗ Каўказ Транс Сэрвіс» і ТАА «Ар-Бе рытэйл».

Інвестыцыйнае супрацоўніцтва

У 2021 годзе з Арменіі ў эканоміку Беларусі паступіла 15,5 млн. долараў інвестыцый, у тым ліку прамых — 8,1 млн. долараў, прамых на чыстай аснове — 2,6 млн. долараў.

У Беларусі дзейнічае 46 прадпрыемстваў з армянскім капіталам, у тым ліку 11 сумесных і 35 замежных арганізацый.

Армянскім канцэрнам «Мульці Груп» і РУП «Беларусьгандаль» у ліпені 2012 года ў г. Мінску адкрыта сумесная вытворчасць па разліву высакаякасных армянскіх каньякоў – СТАА «Армянскі стандарт».

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці