:

Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай аварыі

24.04.2026 г.

26 красавіка ў Беларусі — Дзень чарнобыльскай аварыі. Гэтая дата — не толькі даніна памяці, але і нагода ўбачыць, як за мінулыя дзесяцігоддзі Беларусь здолела выбудаваць эфектыўную сістэму пераадолення наступстваў радыяцыйнай катастрофы.

Сёння тэрыторыя, забруджаная цэзіем-137, скарацілася з 23% да 12,3% — вынік натуральнага распаду радыенуклідаў і паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі. Дзякуючы комплексу ахоўных мерапрыемстваў, уключаючы вапнаванне глеб, спецыяльныя ўгнаенні і падбор культур, уся прадукцыя, якая вырабляецца на забруджаных землях, адпавядае строгім нарматывам. З 1993 года ў сельскагаспадарчае абарачэнне вернута 20,5 тыс. га земляў.

Адмысловай увагі заслугоўвае медыцынская падтрымка насельніцтва. Штогод каля 1,4 млн. чалавек, уключаючы 230 тыс. дзяцей, праходзяць спецыялізаваную дыспансерызацыю. Бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне атрымліваюць каля 90 тыс. чалавек, а ўсе школьнікі на забруджаных тэрыторыях (прыкладна 90 тыс. дзяцей) забяспечаны бясплатным гарачым харчаваннем. У Гомелі працуе найбуйнейшы ў Еўропе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

Унікальным навуковым аб'ектам стаў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік плошчай 216,9 тыс. га. Гэта прыродная лабараторыя, дзе вядуцца даследаванні ўплыву радыяцыі на экасістэмы і распрацоўваюцца тэхналогіі рэабілітацыі забруджаных тэрыторый.

Беларусь перайшла ад этапа рэабілітацыі да актыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў. Усе населеныя пункты ў зоне забруджвання забяспечаны прыродным газам, рэалізуецца Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Колькасць населеных пунктаў з падвышанай дозай апраменьвання насельніцтва скарацілася з 1022 у 1992 годзе да ўсяго 5 у 2025-м.

У Дзень чарнобыльскай аварыі па ўсёй краіне праходзяць памятныя мерапрыемствы. Манументы і памятныя знакі ў гонар адселеных вёсак, чарнобыльскі храм-помнік у Мінску — усё гэта нагадвае пра важнасць захавання гістарычнай памяці і здабывання ўрокаў для будучых пакаленняў.

Артыкул падрыхтаваны на падставе матэрыялаў Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі.

Версiя для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці